Мы-рэсурсны цэнтр

Рэсурсны цэнтр

«Выкарыстанне нацыянальных традыцый

у адукацыйным працэсе»

Трэба ведаць – сэрца просіць,
Як дзядам, бацькам жылося…
Як сахой даўней аралі,
Як смыком зямлю бярлялі,
Як з сявалкі збожжа зерні,
Рассявалі чорнай жменей…
Трэба ведаць…і пра тое
Што спявалі, у што гулялі,
Апраналі што? Якое?
Трэба ведаць! Сэрца просіць!


Пятрусь Броўка.

Вядомы літаратуразнавец Адам Мальдзіс лічыць, што чалавека можна параўнаць з птахам, адно крыло якога – мінулае, другое – будучае. Калі не дзейнічае адно крыло, то птах губляе раўнавагу, арыентацыю ў часе і прасторы і непазбежна падае ў прорву бездухоўнасці. Калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, ён становіцца перакаці-полем ці ператвараецца ў засохлую траву – пералёт, якому ўсё роўна, што гіне: мова, культура, памяць, зямля.

Зацікаўленасць гісторыяй роднага краю, абрадамі і звычаямі беларускага народа, любоў і павагу да роднай мовы, мовы,  на якой гаварылі нашы дзяды і прадзеды, патрэбна выхоўваць з маленства. Маецца на ўвазе выхаванне ў першую чаргу спагадлівых, беражлівых адносін да свайго мінулага, зацікаўленасці ў набыцці гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных, моўных ведаў.

Патрэбна выклікаць у дзяцей пэўны эмацыянальны настрой пры знаёмстве з асобнымі з’явамі і падзеямі мінулага.

Менавіта з гэтай мэтай на базе нашай установы дашкольнай адукацыі і быў створаны рэсурсны цэнтр «Выкарыстанне нацыянальных традыцый у адукацыйным працэсе».

 

 

13.12.2021 08:28 - 21.08.2023 19:36

Народнае свята Камаедзiца

19.04.2023

У нашым дзiцячым садку ўжо шмат гадоў iснуе традыцыя − далучаць выхаванцаў да беларускай народнай культуры.

19 красавіка адбылося беларускае народнае свята Камаедзiца. Свята Камаедзiца − гэта веснавое старадаўняе свята, якое спраўлялі ў пачатку вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі.

На свяце дзецям трэба было спачатку мядзведзя адшукаць, каб разам Вясну-красну сустракаць. Сваю здольнасць, хуткасць і спрыт выхаванцы паказалi ў беларускіх народных гульнях "Гарачы гаршочак", "Мядок", "Гарохавы ком". Дзецi ад душы весялiлiся, спявалi i скакалi i па звычаi мядзведзя шанавалi. Мядзведзь падзякаваў усiм дзецям ды пайшоў у лес прыроду будзiць, Вясну-красну страчаць.

21.06.2023 17:42 - 21.06.2023 17:52

свернуть

Народнае свята "Саракі"

22.03.2023

Сёння прыгожае народнае свята-Саракі. Лічыцца, што ў гэты дзень да нас прылятаюць сорак птушак, і сярод іх жаваранак. Гаспадыні робяць птушак з саломы, паперы, гліны, выпякаюць жаваранкаў з цеста, а ў дзень свята ўпрыгожваюць імі галінкі дрэў і носяць іх па вуліцы, спяваючы песні. Дзеці нашага садка таксама падрыхтаваліся да святкавання. Вырабілі рознакаляровых птушачак, высока падымалі іх ўверх, гукалі вясну, каб яна ў дарозе не бавілася, а спяшалася да нас.

Жавароначкі прыляціце,

­вясну-красну прынясіце,

а зімачку забярыце,

Зямлю-матухну абудзіце

І дожджыкам напаіце

22.03.2022 19:33 - 22.06.2023 08:25

свернуть

Зіму праважаем - вясну сустракаем

27.02.2023

Масленіца - самае вясёлае, шумнае, любімае народнае свята. У масленічны тыдзень людзі праводзяць зіму і сустракаюць вясну. Сімваламі гэтага свята лічацца сонца, бліны і пудзіла Масленіцы. Усе дзеці ведаюць пра Масленіцу, пра бліны і пра пудзіла, якое трэба спальваць. Але ведаць гэта адно, а ўбачыць, а яшчэ лепш паўдзельнічаць у гэтым - зусім іншая справа.
          25 лютага нашы выхаванцы разам з педагогамі дзіцячага сада, бацькамі, бабулямі, дзядулямі актыўна правялі выхадны дзень - сталі ўдзельнікамі Масленіцы. У гэты выхадны былі забытыя кампутарныя гульні, прагляд мультфільмаў адкладзены на потым.
      Правядзенне Масленіцы - гэта выдатны спосаб весела правесці час з дзецьмі і таксама расказаць ім пра культуру і традыцыі народа, прывіць любоў і павагу да сваёй гісторыі. Далучэнне дзяцей да народных традыцый з'яўляецца найважнейшым аспектам выхавання духоўнасці, фарміравання сістэмы маральна–эстэтычных і агульначалавечых каштоўнасцяў.
        Разам - і дарослыя, і дзеці спаборнічалі ў смеласці і знаходлівасці, сіле і спрыце, смяяліся над жартамі скамарохаў.
        Свята прайшло цікава: з песнямі, карагодамі, гульнямі-забавамі, конкурсамі. У завяршэнні дзяцей чакалі смачныя бліны - сімвал вясны і сонца! Яркае, жывое, вобразнае свята запомнілася і пакінула радасныя ўражанні ў дзяцей і дарослых. Актыўны адпачынак атрымаўся!!!

 

21.06.2023 17:26 - 21.06.2023 17:29

свернуть

Завітаў кірмаш да нас!

25.10.2022
Забаву пад такой назвай правялі работнікі Мятлічыцкага дзіцячага сада разам з выхаванцамі ўстановы.

Сонца яркае ўстае,

На кірмаш народ ідзе.

Надышоў вясёлы час,

Завітаў кірмаш да нас!

Кірмаш – гэта свята, якое вельмі чакалі нашы продкі: як дзеці, так і дарослыя. Асноўная праца на полі скончана, ураджай сабраны. Самы час для таго, каб ладзіць кірмаш і славіць сапраўдных гаспадароў.

А ў нашай установе дашкольнай адукацыі зладзілі свой восеньскі кірмаш. Нашы выхаванцы сабраліся на галоўнае восеньскае свята, каб далучыцца да народных традыцый, навучыцца мудрасці нашых продкаў.

Смялей падыходзьце,

тавар выбірайце.

Таргуйцеся з намі,

а потым купляйце!

Такімі словамі віталі прысутных гаспадыні і запрашалі купіць у іх тавар.  А тавару было багата на кірмашы!

Гаршочак ладны,
прыгожы, зграбны.
На цябе пазірае,
купіць запрашае.

Акрамя гліняных вырабаў гаспадыні запрашалі купіць вырабы з саломы, ручнікі і сурвэткі:

На ручніках і сурвэтках

Палыхаюць ружы-кветкі

Тут і пеўнікі, і гусі

Вышывала іх бабуся.

Можна было набыць і розныя прысмакі:

Баранкі, піражкі —
Даставайце рубялькі!

Але кірмаш – гэта не толькі месца, дзе прадавалі і куплялі. Ніводзін кірмаш не абыходзіўся без песень, танцаў, гульняў. Разам з гасцямі Каласком, Бульбінкай і Лявонам, якія завіталі на кірмаш, нашы выхаванцы таксама вадзілі карагоды, скакалі пад  народныя песні і гулялі.

Спадзяёмся, што народныя святы і забавы, якія ладзяцца ў нашай установе, дапамогуць нашым выхаванцам і іх бацькам дакрануцца да гісторыі і культуры нашай краіны, пазнаёміцца з народнымі абрадамі і традыцыямі.

Бо немагчыма будаваць будучыню, не ведаючы свайго мінулага!

21.06.2023 17:57 - 21.06.2023 17:57

свернуть