7 правілаў фінансавай граматнасці для бацькоў маленькіх дзяцей
(Каб у 25 гадоў грошы не выцякалі праз пальцы)
Адзін з самых жаданых навыкаў, якім хацела б авалодаць большасць людзей, — умець граматна распараджацца грашамі. Тым часам вучыцца гэтаму лепш з самага дзяцінства.
1. Пазнаёміць дзіця з сямейным бюджэтам

У дзяцей рана ўзнікае жаданне што-небудзь купіць, таму першыя гутаркі пра сямейны бюджэт можна пачынаць у 4 гады, калі дзіцё ўжо ў стане зразумець шмат якія рэчы. Гэта выдатная магчымасць расказаць, што грошы дастаюцца працай.
Пазнаёмце яго з фінансамі сям'і і вытлумачце, якія абавязковыя артыкулы выдаткаў у вас ёсць, што вы робіце з астатняй часткай грошай. З маленькімі дзецьмі найлепей гэта зрабіць на прыкладзе долек апельсіна ці дэталяў Lego, а з падлеткамі можна казаць больш сур'ёзна, расказваючы пра грашовыя траты ў працэнтавых суадносінах. Для дзіцяці гэта знаёмства са сталым жыццём, да якога варта рыхтавацца загадзя.
2. Сачыце за сваёй рэакцыяй на фінансавыя просьбы дзіцяці

Калі на кожную просьбу дзіцяці нешта купіць вы рэагуеце раздражнёна, увесь час кажаце, што не можаце сабе дазволіць такую рэч, бо яна задарагая для вас, то ў яго сфармуецца думка, што грошай вечна не хапае і што яны — самая вялікая каштоўнасць. А яшчэ што мець свае жаданні — гэта дрэнна.
Пачынайце са згоды: дзецям важна ведаць, што іх разумеюць і іх патрэбы ўлічваюць. Вытлумачце, што ў гэтым месяцы выдаткі ўжо распісаны і яго пажадання, на жаль, не ўнеслі. Паспрабуйце дапамагчы дзіцяці знайсці варыянты, каб увасобіць у жыццё яго мару: папрасіць гэта ў падарунак на Новы год; адкладаць; знайсці падобную рэч, але танней; прадаць нешта, чым не карыстаешся. Яму павінна быць зразумела, чаму прадмет няможна набыць цяпер і якая ёсць альтэрнатыва.
3. Усвядомлена рабіце пакупкі з дзіцём

Дзеці часта суправаджаюць нас у паходах у краму, і гэта таксама карысна скарыстаць як магчымасць для фінансавага выхавання. Хоць дзіцё не можа яшчэ набываць тавар самастойна, ён ужо здольны выбіраць. Тлумачце дзіцяці, чаму вы бераце тую ці іншую колькасць тавару, расказвайце, чаму з некалькіх аналагічных тавараў вы абіраеце нешта адно, абмяркоўвайце якасць і кошт, мэтазгоднасць куплі.
Імкніцеся адплачваць на касе наяўнымі грашамі — так дзіцяці лягчэй зразумець тонкасці іх звароту: грошы сканчаюцца, і іх трэба зарабляць ізноў.
4. Выдзяляйце штотыднёва кішэнныя грошы

Кішэнныя грошы могуць з'явіцца ў жыцці дзіцяці ўжо ў 5–7 гадоў. Хай гэта будзе невялікая сума, якую вы зможаце выдаваць яму штотыдзень. Важна, каб гэтымі грашамі ён мог распараджацца па ўласным меркаванні. Вы можаце нешта параіць, але канчатковае рашэнне павінна быць за дзіцём. Навучыце дзяцей ставіцца да грошай асцярожна: для гэтага, прыкладам, падыдзе скарбонка ці маленькі кашалёк.
Калі сума выдаецца нерэгулярна ці бацькі могуць забраць яе ў кожны момант, то дзеці проста не змогуць зразумець, як кіраваць грашамі, не навучацца стратэгіі. Грошы лепш даваць ці проста так, ці за справы, якія не ўваходзяць у наўпростыя абавязкі дзіцяці. Да прыкладу, працу па хаце, навучанне ў школе і ўсе справы, якія прысутнічаюць у штодзённым жыцці сям'і, не варта «сплачваць»: гэтым вы толькі пагоршыце свае адносіны і зменшыце матывацыю да ведаў.
Першыя эксперыменты з грашамі могуць быць не зусім удалыя, але паступова дзіцё навучыцца распараджацца сродкамі, лічыць здачу, збіраць на важную куплю — ён зразумее, што грошы знікаюць, і будзе да іх ставіцца больш усвядомлена.
5. Гуляйце

Гульня — гэта асноўны спосаб спазнання свету для дзяцей. Паспрабуйце пазнаёміць дзіцё з грашамі праз гульню.
• «Знайдзі танней». Папрасіце дзіцё знайсці тавар па больш даступнай цане ці паспаборнічайце, хто гэта зробіць хутчэй. Такія навыкі патрэбны ў любым узросце. Хай ён параўнае, што даражэй — свежая садавіна ці кампот? А чаму адны тавары даражэй, а іншыя танней? Абмяркуйце гэта.
• «Купі сам». Дайце дзіцяці магчымасць зрабіць набыткі самастойна. Вы можаце адправіць яго за набыткамі з невялікім спісам прадуктаў, а самі пачакаць каля касы. Гэта яшчэ і выдатны спосаб усцерагчыся ад капрызаў у краме.
• Запланаваны бюджэт. Са старэйшымі дзецьмі абмяркуйце, на што трацяцца грошы. Намалюйце на лісце табліцу, пазначце катэгорыі выдаткаў: ежа, адзенне, транспарт, здароўе, гаспадарка, падарункі, забаўкі. Хай дзіцё вызначыць, якія выдаткі да якой катэгорыі ставяцца. Пад канец тыдня падлічыце ўсе выдаткі па катэгорыях і складзіце дыяграму з выдаткамі ў выглядзе слупкоў. Так будзе бачна, на што вы выдаткавалі грошай больш за ўсё, а на што — менш.
• Пагуляйце ўсёй сям'ёй у «Манаполію» ці іншыя гульні, дзе вам трэба будзе зарабіць грошы і выбраць, як распарадзіцца імі. Абмяркуйце вашы дзеянні.
6. Завядзіце традыцыю дабрачыннасці

Выдатна, калі ў вашай сям'і прыжывецца традыцыя дабрачыннасці. Так дзіцё вучыцца спачуваць і дапамагаць іншым людзям. Гэта могуць быць як падарункі, зробленыя сваімі рукамі, гэтак і нейкія рэчы і грошы. Вы можаце ўсёй сям'ёй прыехаць у дзіцячы дом, хату састарэлых ці перадаць рэчы беднай сям'і: дзіцё будзе рада, што ў гэтым ёсць і яго заслуга, і пачне ўспрымаць фінансы па-іншаму.
7. Дайце дзіцяці магчымасць зарабляць першыя грошы

Чым старэйшае дзіцё, тым больш у яго патрэб, якія патрабуюць пэўных выдаткаў. Вядома, бацькі не абавязаны рэалізоўваць усё з іх, дый дзіцяці не заўсёды гэта можа быць карысна. Заахвочвайце жаданне дзіцяці самастойна зарабляць грошы, падтрымлівайце яго.
Гэта навучыць яго шанаваць грошы, больш усвядомлена ставіцца да набыткаў, сувымяраць свае жаданні і магчымасці, дамагацца мэты. Лепшым выйсцем будзе праца на некалькі гадзін на дзень: яна не павінна замінаць дзіцяці вучыцца і выконваць свае абавязкі па хаце. Можна дапамагчы падабраць яму некалькі варыянтаў падзаробку, каб ён змог зрабіць свой выбар.
Выкарыстаны матэрыялы сайта adme.ru.
13.12.2021 00:14 - 13.12.2021 00:14