Забаву пад такой назвай правялі работнікі Мятлічыцкага дзіцячага сада разам з выхаванцамі ўстановы.
Сонца яркае ўстае,
На кірмаш народ ідзе.
Надышоў вясёлы час,
Завітаў кірмаш да нас!
Кірмаш – гэта свята, якое вельмі чакалі нашы продкі: як дзеці, так і дарослыя. Асноўная праца на полі скончана, ураджай сабраны. Самы час для таго, каб ладзіць кірмаш і славіць сапраўдных гаспадароў.
А ў нашай установе дашкольнай адукацыі зладзілі свой восеньскі кірмаш. Нашы выхаванцы сабраліся на галоўнае восеньскае свята, каб далучыцца да народных традыцый, навучыцца мудрасці нашых продкаў.
Смялей падыходзьце,
тавар выбірайце.
Таргуйцеся з намі,
а потым купляйце!
Такімі словамі віталі прысутных гаспадыні і запрашалі купіць у іх тавар. А тавару было багата на кірмашы!
Гаршочак ладны,
прыгожы, зграбны.
На цябе пазірае,
купіць запрашае.
Акрамя гліняных вырабаў гаспадыні запрашалі купіць вырабы з саломы, ручнікі і сурвэткі:
На ручніках і сурвэтках
Палыхаюць ружы-кветкі
Тут і пеўнікі, і гусі
Вышывала іх бабуся.
Можна было набыць і розныя прысмакі:
Баранкі, піражкі —
Даставайце рубялькі!
Але кірмаш – гэта не толькі месца, дзе прадавалі і куплялі. Ніводзін кірмаш не абыходзіўся без песень, танцаў, гульняў. Разам з гасцямі Каласком, Бульбінкай і Лявонам, якія завіталі на кірмаш, нашы выхаванцы таксама вадзілі карагоды, скакалі пад народныя песні і гулялі.
Спадзяёмся, што народныя святы і забавы, якія ладзяцца ў нашай установе, дапамогуць нашым выхаванцам і іх бацькам дакрануцца да гісторыі і культуры нашай краіны, пазнаёміцца з народнымі абрадамі і традыцыямі.
Бо немагчыма будаваць будучыню, не ведаючы свайго мінулага!